МАЗЫ́РСКІ ЗАВО́Д СЕЛЬСКАГАСПАДА́РЧАГА МАШЫНАБУДАВА́ННЯ «Мазырсельмаш». Створаны ў 1928 у г. Мазыр Гомельскай вобл. як арцель «Молат». У Вял. Айч. вайну абсталяванне часткова эвакуіравана, астатняе знішчана. У 1944 арцель адноўлена, у 1956 перайменавана ў ліцейна-механічны з-д. З 1974 з-д машынабудавання для птушкагадоўчых комплексаў і ферм «Мазырптушкамаш». У 1980—90 прадпрыемства поўнасцю рэканструявана. З 1988 сучасная назва. Асн. прадукцыя (1999): катлы быт. для ацяплення жылых дамоў, вадагрэйныя калонкі, цеплагенератары для паветр. ацяплення і вентыляцыі с.-г. і інш. аб’ектаў, воданагравальныя ўстаноўкі для вадзянога ацяплення будынкаў і для атрымання гарачай вады.

т. 9, с. 515

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)